tg —— vk —— fb —— ig
Баліць нават сурветцы
Нізка вершаў
Вікты Трыфанавай
Тэксты і фатаграфіі Вікты Трыфанавай


***

мікалаевы сані не едуць па снезе
а плывуць па вадзе
зіма дае пра сябе ведаць
просіш рады
дае вады
пі
фармуй подых
добра будзе потым

падзеі апошніх дзён
замінаюць пісаць пра нешта
акрамя смеласці і надзеі
каляды праходзяць па новым маршруце
цудаў няма і не будзе

сані — каўчэг што шукае прытулку
з іх вылятае бусел і вяртаецца праз тры дні
час трывае
бусел ляціць да Беларусі
і не вяртаецца

на каўчэзе таксама былі страты
бо лепшая доля гэта заўжды ахвяры
ратаванне справа тых каму яно трэба

ў навагоднюю ноч ідзе дождж
свеціць тым што не скончана
тым
што і ёсць прычынай
чакаць снегу ўлетку

калі глеба адмаўляецца прымаць зіму
калі чалавек жыве не п'ючы вады
застаецца рабіць тое
што можам самі

дачытаў?
рабі
ЗАЙМЕННІКІ

я

слова выведзенае з ужытку
адсутнасць часу на адпачынак
непаслядоўнасць усіх учынкаў
недаспаны сон

дрыжыкі па скуры
калі згадваецца ён

ты

бетонны мур
не прабіць не пралезці
невымоўнае колькі разоў
прабач
крумкач у лесе
не на сваім месцы
як і ўсе мы
ты плач

ён


яна

яе не ведаю
толькі думаю што яна
як і я
займае чужое месца
самлелая кветка
на радасць ка\там
на гібель падлеткам

займеннікі

імкнемся забыць адзін аднаго
змяніць на новае хараство
бо не маем уласнага
бо не бачым агульнага
бо пакуль не трапілі
пад кулі
мінулага

канец

шчыльны шчыры дотык
паветра да валасоў
далоні да скуры
я цябе абдымаю
і падаюць
муры

гэта быў сон


***

спачатку сцяг узнялі над палацам
потым усталявалі на плошчы
калі гэтага стала мала
пачалі займаць новыя вышыні
універсітэты
кінатэатры
крамы

сцягі вылазяць з сярэдзіны вонкі
мінуючы сцены дошкі пашаны
уваходныя дзверы
ад першага да апошняга паверха
бліц-крыгам ідуць на дах

рыхтуйся
пабачыць метку рэжыму і на сваім доме
сцяг гэта толькі пачатак
назоўнік
намінатыўная адзінка

нават калі не дзейнік
выказнік не будзе літасным.
УЦЁКІ Ў ЕГІПЕТ

Прывітанне, прабач,
Што не калядуем побач.
Прабач, што агульнага пірага не выйшла.
У мяне цяпер уцякацкі побыт,
Страчанае грамадзянства,
Зламанае дзяцінства,
Тваё на руках немаўля.

Малюся, каб вымаўляць словы:
Ты не пакінуты,
Не забыты.
Прабач, што так адбылося,
Нас нават не схапілі на мытні.

Збегла і забрала адзінае, што мела.
Яна яшчэ, праўда, маленькая,
Ледзь трымаецца на нагах і есць з лыжкі.
Толькі гады праз тры возьме ў рукі кніжкі,
але жывая.
І дзякуй Богу,
Пад небам выйсце было адно.

Калі б жартавала, назвала б яе перамогай,
Але аптымізму няма ў крыві і жылах.
Імя дачкі беларуса — свабода,
Гэта адначасова і змест, і выраз.

Развітанне з радзімай — справа раптоўная,
Настолькі раптоўная, што нават не развіталіся,
Бытоўка на перамовы стаіць самотная.
Калі ёсць магчымасць, пішы ў адказ, як маешся?

Прабач, што ў гэтым годзе калядаванне няўдалае,
Прабач, што я ўцякла, пакуль ты быў за кратамі,
Прабач, што нічога не выйшла.

Мы ўцяклі ў Егіпет,
і нас нават не затрымалі на мытні.


***

ёсць словы і ёсць пачуцці
а ёсць іншае штосьці
невымоўнае
куляй прабівае скуру
чуеш?
і я
не чую і не магу вымавіць
але адчуваю.


ЧЫМ БОЛЕЙ СТАЛЕЕШ ТЫМ БОЛЕЙ СТАІШ


я чалавек просты
маці навучыла стаяць у чарзе
стаю.

не дома але выхаванне з мяне не выбіць
з'явіўся ў вялікай сям'і?
чакай чаргі.

мы з сяброўкай трымаемся за рукі
сёння ў нас на дзвюх адна надзея
вярнуцца дамоў

мы дзеці. калі нас і білі то толькі дома
але пра такое не кажуць.
палоннікі дыктатуры свядома,

навучыліся стаяць у чэргах
каб выражаць любоў
да роднага

галоўнае апынуцца са сваімі ў адной.
чарга на надгляд
чарга пахаваць голас

чарга пакласці кветкі
чарга перадаць ежу
чарга сустрэць страчаных

чарга на допыт
чарга на ператрус, на пераслед
чарга на выезд, чарга на расстрэл.

чарга на справаздачу дойдзе да кожнага,
разыходзімся па чэргах
хто
апошні?
***

як смешна і вельмі ўтульна
я жыву ў горадзе, поўным кулераў.
усё жыццё — штучная вада,
штучныя мары,
штучная свабода.
натуральна высвятляецца,
што праспект Незалежнасці
ад слова незалежнасць.
але ад чаго?
ад поглядаў мінакоў
і падазроных званкоў з нумароў,
якія не высветліць.
незалежнасць з сэрца
выразаць,
прастрэліць куляй,
кулерам,
штучнай вадой.
у пакоі з сабой ты не бачыш межы
табе здаецца, вакол вежы
хапае вады і ежы
і ты незалежны.
але вакол ланцугі цягнуцца,
муры будуюцца,
людзі пасміхаюцца, людзі хмурацца.
І цэлы свет вырашыў абурыцца
на тваю бесклапотную ветлівасць.
Памятай, што робіш дурасць,
Але не губляй незалежнасць.


***

ніхто не ведаў, адкуль яна з'явілася
але гэта было няважна
бо яе пазнавалі па голасе,
які плакаў.
празвалі Плачкай
нешчаслівіцай
няўдалай
неразумнай
незразумелай.
самі ж рабілі справы
а чым жылі адно Бог ведае.
спачатку яшчэ пыталі
што гэта значыць?
калі скончыцца?
потым звыкліся неяк
забыліся на яе.
а яна працягвала прыходзіць.

людзі паміралі,
а Плачка жыла.
яна і зараз
у лесе
скуголіць.


***

калі няма будучыні
то няма і будучага часу.
але можна пісаць у цяперашнім,
і ў мінулым.
Made on
Tilda